Старонка:Апошні з магікан.pdf/397

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рогай у лагер іх саюзнікаў — дэлавараў. Магуа асцярожна прапанаваў таварышам свой план. Як і можна было думаць, дзякуючы яго красамоўству і лоўкасці яго план прынялі аднагалосна.

Некаторыя з правадыроў прапаноўвалі зрабіць неспадзяваны напад на дэлавараў, з тым каб адным ударам захапіць іх лагер і завалодаць сваімі палоннымі. Магуа няцяжка было адхіліць гэтую прапанову, якая з’яўлялася вельмі небяспечнай і мела мала шансаў на поспех. А потым ён выклаў свой план дзеянняў.

Ён пачаў з таго, што паільсціў самалюбству слухачоў. Пералічыўшы шматлікія выпадкі, у якіх гуроны выяўлялі сваю храбрасць і адвагу, ён перайшоў да ўслаўлення іх мудрасці. Ён сказаў, што іменна мудрасць складае галоўнае адрозненне паміж бабром і іншымі звярамі, паміж людзьмі і жывёламі, і нарэшце, паміж гуронамі і ўсім астатнім чалавецтвам. Аддаючы перавагу разважлівасці, ён узяўся выкладаць, якім чынам яе можна выкарыстаць для данага стану справы. З аднаго боку, казаў ён, іх вялікі бледны бацька, губернатар Канады, глядзіць суровымі вачыма на сваіх дзяцей з таго часу, як тамагаукі іх пакрыліся крывёю; з другога боку, народ, які з’яўляецца такім-жа шматлікім, як іх народ, але гаворыць на іншай мове, мае іншыя інтарэсы, не любіць гуронаў, узрадуецца ўсякай прычыне, каб выклікаць няміласць да іх вялікага белага правадыра. Потым ён загаварыў аб патрэбах гуронаў; аб узнагародах, якіх яны маюць права чакаць за свае ранейшыя заслугі; аб страчаных імі паляўнічых абласцях і