Старонка:Апошні з магікан.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хіба ён уцёк? — запытаў Магуа глыбокім гартанным голасам, нібы выходзячым з самай глыбіні грудзей.

— Злы дух з’явіўся між намі і асляпіў нашы вочы.

— Злы дух! — насмешліва паўтарыў Магуа. — Гэта — дух, які пазбавіў жыцця такую колькасць гуронаў. Дух, які забіў маіх воінаў ля вадапада, які скальпіраваў іх каля «лячэбнай крыніцы» і звязаў цяпер рукі Хітрай Лісіцы!

— Пра каго гаворыць мой друг?

— Пра сабаку, у якой пад белай скурай знаходзіцца сэрца і хітры розум гуронаў, — пра Доўгі Карабін.

Гэтае жахлівае імя зрабіла вялікае ўражанне на слухачоў. Пасля некалькіх хвілін раздум’я, калі воіны здагадаліся, што іх грозны, адважны вораг толькі што быў у іх лагеры, здзіўленне змянілася лютай злосцю, і ўсё шаленства, якое клёкатала ў грудзях Магуа, раптам перадалося яго таварышам. Некаторыя з іх скрыгаталі зубамі ад гневу, другія выяўлялі свае пачуцці ў моцных крыках, іншыя як вар’яты лупілі кулакамі па паветру, як быццам вораг мог пацярпець ад гэтых удараў. Але гэты раптоўны выбух злосці неўзабаве суняўся, і зноў надышло агульнае стрыманае маўчанне, звычайнае для індзейцаў у часе бяздзейнасці.

Магуа, які паспеў, між тым, абдумаць усё, што здарылася, змяніў свае паводзіны і набыў выгляд чалавека, які ведае, што рабіць і як рабіць, каб не страціць гонару ў такім важным пытанні.