Старонка:Апошні з магікан.pdf/387

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раптам узнялі адзін з тых крыкаў, што ўласцівы вам; гэта напомніла-б індзейцам, што вы чалавек непрытомны. Але калі яны скальпіруюць вас, чаго, я ўпэўнены, яны не зробяць, то будзьце спакойны: Ункас і я не забудзем гэтага і адпомсцім за вас, як належыць сапраўдным воінам і верным сябрам.

— Пачакайце, — сказаў Давід, убачыўшы, што яны збіраюцца ісці, — я няварты, пакорлівы паслядоўнік таго, хто вучыў не плаціць злом за зло. Таму, калі я загіну, не прыносьце афяр майму бяздыханаму целу, але даруйце тым, хто пазбавіць мяне жыцця; а калі і ўспомніце іх калі, то няхай гэта будзе ў малітвах аб прасвятленні іх розуму і вечным вялікім шчасці.

Разведчык прышоў у замяшанне і задумаўся.

— Гэта зусім не падобна да закона лясоў, — сказаў ён, — але, калі падумаць, гэта вельмі добра і благародна. — Ён цяжка ўздыхнуў і дадаў: — Няхай благаславіць вас неба, друг мой; я думаю, што вы выбралі правільны шлях, калі паглядзець на яго як трэба, маючы перад вачыма вечнасць.

Сказаўшы гэта, разведчык падышоў да Давіда і паціснуў яму ад усёй душы руку, пасля гэтага ён зараз-жа вышаў з хаціны разам з пераадзетым у мядзведзя Ункасам.

Як толькі Сакалінае Вока ўбачыў, што за ім назіраюць гуроны, ён выцягнуўся на ўвесь свой высокі рост, стараючыся прадставіць сухую, жорсткую фігуру Давіда, і падняў руку, нібы для адбівання такта, пераймаючы дзеянні спевака псалмоў. На шчасце для поспеху гэтага рызы-