Старонка:Апошні з магікан.pdf/381

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык няхай-жа мой брат адыйдзе ўбок, і чараўнік напусціць злога духа на гэтую сабаку.

Гурон растлумачыў словы Давіда сваім таварышам; яны ў сваю чаргу выслухалі гэтую прапанову са здавальненнем. Дзікуны адышлі крыху ад уваходу ў хаціну і далі знак чараўніку ўвайсці туды. Але мядзведзь, замест таго каб паслухацца, астаўся на месцы і зароў.

— Чараўнік баіцца, што дыханне яго трапіць таксама і на яго братоў і адбярэ ў іх мужнасць, — гаварыў далей Давід, — ім трэба стаць трохі далей.

Гуроны, для якіх такая падзея была-б найвялікшым няшчасцем, адступілі ўсе адразу і занялі такое палажэнне, што не маглі нічога чуць і ў той-жа час маглі назіраць за ўваходам у хаціну. Разведчык, зрабіўшы выгляд, што пераканаўся ў іх бяспецы, устаў і павольна пайшоў у хаціну. У ёй панавала панурая цішыня; апрача палоннага, там нікога не было; асветлена была хаціна толькі патухаючым вугаллем вогнішча.

Ункас, звязаны вяроўкамі з лыка па руках і нагах, сядзеў у дальнім кутку, прыхіліўшыся да сцяны. Малады магікан нават не глянуў на страшыдла, якое з’явілася перад ім. Разведчык пакінуў Давіда ля дзвярэй, каб пераканацца, ці сочаць за імі, і разважліва вырашыў іграць далей сваю ролю, пакуль не ўпэўніцца, што яны адны з Ункасам. Таму замест таго, каб гаварыць, ён пачаў вырабляць усе штукі, уласцівыя ўяўляемай жывёле. Малады магікан падумаў спачатку, што ворагі падаслалі да яго сапраўднага мядз-