Старонка:Апошні з магікан.pdf/378

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным, каб узбудзіць прагнасць каго-небудзь з злодзеяў.

Здагадлівы Сакалінае Вока ўспомніў, як шпарка пакінуў Давід сваё месца ля пасцелі хворай, і зразумеў, аб чым раздумвае цяпер спявак. Ён абышоў вакол хаціны, пераканаўся, што яна стаіць зусім асобна ад астатніх, і адважыўся ўвайсці ў яе. Увайшоўшы ў нізкія дзверы, ён апынуўся проста перад Гамутам. Іх раздзяляла вогнішча; Сакалінае Вока сеў, і на працягу цэлай мінуты абодва моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Неспадзяванае з’яўленне звера вельмі перапалохала Давіда. Ён пашукаў у кішэні камяртон і ўстаў з намерам пусціць у справу музычнае заклінанне.

— Змрочнае і таямнічае страшыдла! — усклікнуў ён, хапаючы дрыготнымі рукамі свой інструмент. — Я не ведаю ні тваёй пароды, ні тваіх намераў, але калі ты замышляеш што-небудзь супроць самага пакорлівага са служак храма, то выслухай натхнёную прамову ізраільскага юнака і пакайся!

Мядзведзь затросся ўсім сваім калматым тулавам. Затым добра знаёмы Гамуту голас прамовіў:

— Пакладзі ўбок сваю свістульку і навучы сваю глотку ўстрыманню. Пяць простых, зразумелых англійскіх слоў варты цэлай гадзіны крыку.

— Хто ты? — запытаў Давід, задыхаючыся.

— Такі-ж чалавек, як ты, кроў якога таксама-ж мала заплямлена крывёю мядзведзя, як і твая.