Старонка:Апошні з магікан.pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рожых або прыяцельскіх намераў індзейцаў. Наперадзе астатніх стаяла невялічкая хаціна; здавалася, яна была кінутай напалову гатовай, не прыстасаванай для жыцця ў ёй. Аднак, праз шчыліны праходзіла слабае святло, паказваючы, што хаціна, хоць і недабудаваная, але з’яўлялася жылой. Разведчык накіраваўся туды, як асцярожны генерал, які знаёміцца з авангардам варожай арміі, перш чым пайсці ў атаку.

Сакалінае Вока прыняў позу, падыходзячую да выконваемай ім ролі мядзведзя — апусціўся рукамі на зямлю — і пайшоў да невялікай адтуліны, праз якую можна было бачыць, што робіцца ўнутры хаціны. Яна аказалася жыллём Давіда Гамута. У ёй настаўнік спеваў адасобіўся з усім сваім смуткам і страхамі.

Якой-бы сляпой ні была вера Давіда ў цуды, якія адбываліся ў старажытнасці, ён адмаўляў магчымасць простага ўмяшання звышнатуральнай сілы ў сучасны свет. Ён, безумоўна, верыў у тое, што асліца Валаама магла загаварыць, але ставіўся крыху скептычна да магчымасці пачуць спевы мядзведзя, а між тым ён пераканаўся ў гэтым, на вялікае сваё здзіўленне. Кінуўшы позірк на спевака, Сакалінае Вока адразу ўбачыў, што ў розуме ў яго пануе поўнае замяшанне: Давід сядзеў у сумным раздум’і на кучы галля, з якой браў іншы раз некалькі галін, каб падтрымаць мізэрны агонь. Адзеты быў прыхільнік музыкі ўсё таксама-ж, толькі ў дадатак да свайго ўбрання ён прыкрыў яшчэ лысую галаву трохкутным капелюшом, які аказаўся недастаткова прываб-