Старонка:Апошні з магікан.pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дух вышаў з яе; ён заперты ў горах. Я аднясу жанчыну на некаторую адлегласць, каб умацаваць яе і не дапусціць другіх прыпадкаў. Яна будзе ў вігваме воіна, калі ўзыйдзе сонца.

Калі бацька перавёў словы чужаземца на гуронскую мову, стрыманы шэпт сярод дзікуноў выявіў задавальненне, выкліканае гэтай весткай. Сам правадыр зрабіў Дункану знак ісці далей і прагаварыў моцна, цвёрдым голасам, з велічным жэстам:

— Ідзі… Я мужчына і ўвайду ў горы, каб схапіцца ў бойцы са злым духам.

Хейвард з радасцю падпарадкаваўся і прайшоў ужо міма маленькай групы, калі яго здзівілі гэтыя словы.

— Хіба мой брат звар’яцеў, — ускрыкнуў ён, — што так гаворыць? Ён сустрэнецца са злым духам, і той увойдзе ў яго! А магчыма брат мой выгане злога духа, і ён паімчыцца за дачкой майго брата ў лясы! Не… Няхай дзеці мае чакаюць ля пячоры і, калі пакажацца дух, лупяць яго дубінамі. Ён хітры і схаваецца ў горах, калі ўбачыць, колькі людзей гатовы ўступіць з ім У бой.

Гэтая дзіўная прапанова аказала жаданае дзеянне. Замест таго, каб увайсці ў пячору, муж і бацька хворай вынялі тамагаукі і сталі ля ўваходу, гатовыя спагнаць свой гнеў, схапіўшыся з уяўляемым катам хворай. Жанчыны і дзеці наламалі галін і набралі каменняў для той-жа мэты. Мнімыя чараўнікі скарысталі гэты момант, каб знікнуць.