Старонка:Апошні з магікан.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яе. Захутайце яе з усіх бакоў. Ну, цяпер бярыце яе на рукі і ідзіце за мной.

Дункан паспешна выконваў усе яго загады, і не паспеў той кончыць сваіх слоў, як ён падняў на рукі Алісу і пайшоў услед за разведчыкам да выхаду па зробленай самой прыродай галерэі. Калі яны падышлі да маленькіх берасцяных дзвярэй, галасы знадворку паказалі ім, што там сабраліся сябры і сваякі хворай, цярпліва чакаючы дазволу ўвайсці ў пячору, дзе ляжала хворая.

— Калі я раскрыю рот, каб загаварыць, — прашаптаў Сакалінае Вока, — мая англійская мова пакажа машэннікам, што сярод іх знаходзіцца вораг. Вы павінны пагаварыць з імі на вашай мове, маёр; скажыце, што мы заперлі злога духа ў пячоры, а жанчыну нясем у лясы, каб пашукаць там лячэбных карэнняў. Скарыстайце ўсю вашу хітрасць.

Дзверы крыху адчыніліся, як быццам хтосьці прыслухоўваўся знадворку да таго, што рабілася ў сярэдзіне, і разведчыку прышлося спыніць свае навучанні. Раз’юшанае рыканне прагнала таго, хто падслухоўваў, і разведчык, смела расчыніўшы дзверы, вышаў з пячоры, па-ранейшаму выконваючы ролю мядзведзя. Дункан ішоў за ім па пятах і неўзабаве апынуўся ў сярэдзіне кучкі ўстрывожаных сваякоў і сяброў хворай.

Натоўп адступіўся крыху, даючы дарогу бацьку і, як відаць, мужу хворай.

— Прагнаў брат мой злога духа? — запытаў бацька. — Хто гэта на руках у яго?

— Тваё дзіця, — урачыста адказаў Дункан. — Злы