Старонка:Апошні з магікан.pdf/363

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

най чыстаты; вы лёгка можаце пазбавіцца ад мазні Сагамора, а калі вернецеся, я паспрабую расфарбаваць вас на новы лад. Чараўніку таксама-ж прывычна змяняць сваю афарбоўку, як франту мяняць сваё адзенне.

Ён яшчэ гаварыў, а Дункан пачаў ужо мыцца. У адзін момант з яго твара знікла ўся страшная і камічная расфарбоўка, і юнак зноў з’явіўся ў тым выглядзе, які надала яму прырода. Падрыхтаваўшыся такім чынам да спаткання з сваёй каханкай, ён паспешна развітаўся з таварышом і знік у паказаным яму напрамку. Разведчык спагадліва глядзеў яму ўслед, ківаючы галавой і мармочучы ўсякія пажаданні; потым ён вельмі спакойна заняўся даследаваннем багацця кладоўкі гуронаў. Пячора, між іншым, ужывалася для захоўвання здабычы палявання.

У Дункана не было іншага правадніка, апрача цмянага святла, які мігацеў здалёк, але гэтае святло з’яўлялася палярнай зоркай для закаханага. Пры дапамозе яго ён дабраўся да мэты сваіх імкненняў — другога аддзялення пячоры, прызначанага для ўтрымання такой важнай палонніцы, якой была дачка каменданта крэпасці Уільям-Генры. Памяшканне гэтае было застаўлена шматлікімі рэчамі, здабытымі пры разгроме няшчаснай крэпасці. Сярод усяго гэтага хаоса Дункан знайшоў тую, якую шукаў, — бледную, устрывожаную, перапалоханую, але прыгожую. Давід падрыхтаваў ужо яе да яго наведвання.

— Дункан! — ускрыкнула яна голасам, які дрыжаў, нібы спалоханы сваімі ўласнымі гукамі.