Старонка:Апошні з магікан.pdf/362

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вы чулі, што сказаў спявак, пакідаючы нас: яна блізка! Дурань спалохаўся і зблытаў даручэнне, але яго словы маюць глыбокі сэнс. Мядзведзь павінен умець лазіць; таму я гляну праз сцены. Быць можа, у гэтых скалах схаваны гаршкі з мёдам; а я, як вам вядома, — жывёла, якая любіць паесці салодзенькага.

Разведчык азірнуўся, смеючыся над сваім уласным жартам, і пачаў узлазіць на перагародку, пераймаючы нязграбныя рухі мядзведзя. Але ледзь ён дабраўся да верху, як зрабіў знак Хейварду, каб той маўчаў, і спусціўся ўніз вельмі паспешна.

— Яна тут, — шапнуў ён, — і вы знойдзеце яе за гэтымі дзвярыма. Я сказаў-бы некалькі слоў суцяшэння бядачцы, ды баюся, каб яна не звар’яцела, убачыўшы такое страшыдла, хоць трэба прызнацца, што і вы, маёр, не вельмі прывабныя ў гэтай расфарбоўцы.

Дункан, які кінуўся ўжо да дзвярэй, спыніўся умомант, збіты з панталыку гэтымі словамі.

— Хіба я ўжо такі агідны? — запытаў ён з сумным выглядам.

— Ваўка вы не спалохаеце і англійскім гвардзейцам не перашкодзіце даць залп; але я бачыў вас больш прыгожым; ваш твар, расфарбаваны рознакаляровымі палосамі, можа, бадай, паказацца нядрэнным для індзейскіх жанчын, але беласкурыя дзяўчаты аддаюць перавагу людзям аднолькавага колеру з імі. Глядзіце, — дадаў ён, паказваючы на шчыліну ў скале, адкуль выцякала вада, утвараючы невялічкую крыніцу крышталь-