Старонка:Апошні з магікан.pdf/352

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

будзе падобна да дзіцячай забаўкі. Адвядзіце яго туды, дзе пануе маўклівасць; паглядзім ці можа дэлавар спакойна праспаць ноч, ведаючы, што ў наступную раніцу ён павінен памерці.

Маладыя людзі, на абавязку якіх было пільнаваць палоннага, зараз-жа звязалі яму рукі вяроўкамі, звітымі з лыка, і павялі яго з хаціны сярод глыбокай і злавеснай маўклівасці. Толькі ў той момант, калі фігура Ункаса стаяла ў дзвярах, у яго цвёрдай хадзе выявілася ваганне, і ў быстрым і высокамерным позірку, які ён кінуў на ворагаў, Дункан з радасцю заўважыў выраз, які сведчыў аб тым, што надзея на ратунак не канчаткова пакінула яго.

Магуа быў вельмі задаволены сваім поспехам і заняты сваімі патаемнымі планамі, каб далей распытваць; ён таксама вышаў з хаціны, не працягваючы гутаркі, якая магла аказацца пагібельнай для яго суседа. Не гледзячы на абурэнне, якое ўсё больш павялічвалася, на прыродную цвёрдасць і на трывогу за лёс Ункаса, Хейвард адчуў вялікае аблягчэнне, калі гэты небяспечны і хітры вораг знік. Узрушэнне, створанае прамовай, паступова сунялося. Воіны занялі свае месцы, і воблакі дыму зноў напоўнілі хаціну. Мінула з поўгадзіны, ніхто не прамовіў ні слова, амаль ніхто не павярнуў галавы. Панавала важнае, засяроджанае маўчанне, якое заўсёды надыходзіла пасля бурнай сцэны сярод гэтых людзей, што былі такімі палкімі і ў той-жа час адзначаліся вялікім самаўладаннем.