Старонка:Апошні з магікан.pdf/350

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці можна да гэтага дапусціць? Ці павінны іх душы ўвайсці ў краіну справядлівасці, падобна да галодных іракезаў і баязлівых дэлавараў, або яны сустрэнуць сваіх сяброў са зброяй у руках і з адзеннем на плячах? Што падумаюць нашы бацькі, убачыўшы, чым сталі плямёны вейандотаў? Яны кінуць на нашых дзяцей хмуры позірк і скажуць ім: «Ідзіце адсюль, пад імем гуронаў прышлі сюды чыпевеі». Браты, мы не павінны забывацца на памёршых! Нагрузім спіну гэтага магікана, пакуль ён не захістаецца пад цяжарам нашых дароў, і пашлем яго ўслед за маімі юнакамі. Яны просяць у нас дапамогі; яны гавораць: «Не забывайце нас». Калі яны ўбачаць душу гэтага магікана, якая ідзе ўслед за імі, выбіваючыся з сіл пад сваім бярэмем, яны зразумеюць нашы намеры. Тады яны будуць ісці далей сваім шляхам шчаслівымі, і нашы дзеці скажуць: «Так абыходзіліся нашы бацькі са сваімі сябрамі, таксама і мы павінны абыйсціся з ім». Што значыць адзін інгіз? Мы забілі многа інгізаў, але зямля ўсё яшчэ не насыцілася іх крывёю. Пляма на імені гурона можа быць змыта толькі крывёю індзейца. Гэты дэлавар павінен памерці.

Магуа так умела закрануў у сваёй прамове сімпатыі сваіх слухачоў у спалучэнні з іх рэлігійнымі вераваннямі, што ўсякае пачуццё гуманнасці было канчаткова знішчана прагай помсты. Адзін воін з дзікім і лютым выглядам праяўляў асабліва гарачую ўвагу да слоў прамоўцы. На яго твары пазменна адлюстроўваліся ўсе пачуцці,