Старонка:Апошні з магікан.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бачыш, ён ходзіць унізе ў кустах? Слухай, Ункас, — працягваў далей разведчык, панізіўшы свой голас да шэпту і смеючыся бязгучным смехам чалавека, які прызвычаіўся да асцярожнасці, — я гатоў пайсці ў заклад на тры саўкі пораху супроць аднаго фунта табаку, што падцэлю яму між вачэй і бліжэй да правага, чым да левага.

— Не можа быць!.. — адказаў малады індзеец і з юнацкай палкасцю ўскочыў з месца. — Над кустамі-ж відаць толькі яго рогі, нават толькі іх кончыкі.

— О, хлопчык! — усміхнуўшыся, сказаў Сакалінае Вока. — Няўжо ты думаеш, што, бачачы частку жывёлы, паляўнічы не здолее сказаць, дзе павінна быць усё яго цела?

Ён прыцэліўся і ўжо збіраўся паказаць сваё майстэрства, якім так ганарыўся, як раптам Чынгачгук стукнуў рукой па яго стрэльбе і сказаў:

— Ты, мабыць, хочаш уступіць у бой з макуасамі, Сакалінае Вока?

— Гэтыя індзейцы нібы чуццём даведваюцца, што тоіцца ў гушчары, — сказаў паляўнічы, апускаючы стрэльбу і паварочваючыся да Чынгачгука, нібы прызнаючы сваю памылку — Ну, што рабіць! Даю табе, Ункас, забіць аленя стралой, а то, бадай, мы сапраўды звалім жывёлу для гэтых жулікаў-іракезаў…

Чынгачгук ухваліў прапанову белага, выразна паказаўшы рукой у той бок, дзе знаходзіўся алень. Ункас, асцярожна прыгінаючыся да зямлі, пачаў падыходзіць да аленя. Калі малады магікан апынуўся ўсяго на адлегласці некалькіх ярдаў ад