Старонка:Апошні з магікан.pdf/320

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзесят-шэсцьдзесят хацін, груба пабудаваных з бярвенняў і галля, змешанага з глінай. Яны стаялі ў беспарадку, і пры пабудове іх, як відаць, ніхто не звяртаў увагі ні на чыстату, ні на прыгажосць; у гэтых адносінах яны так значна адрозніваліся ад паселішча баброў, што Дункан стаў чакаць якога-небудзь іншага, не менш дзіўнага сюрпрыза. Гэтае чаканне зусім не паменшылася, калі пры няверным святле змяркання ён убачыў дваццаць або трыццаць фігур, якія ўставалі па чарзе з высокай травы перад хацінамі і знікалі, нібы яны правальваліся скрозь зямлю. Яны з’яўляліся і знікалі так раптоўна, што здаваліся Дункану хутчэй нейкімі цёмнымі, бліскучымі зданямі, чым істотамі, створанымі з плоці і крыві. На адзін момант з’явілася худая голая фігура; яна дзіка размахвала рукамі ў паветры, і хутка месца, на якім яна стаяла, аказалася пустым; фігура раптам паказалася ў другім месцы; а можа гэта была другая. Давід, заўважыўшы, што яго таварыш спыніўся, паглядзеў у напрамку яго позірку і загаварыў, прымусіўшы Хейварда прыйсці да прытомнасці.

— Тут многа пладаноснай глебы, яшчэ не апрацаванай, — сказаў ён, — і магу дадаць, не выхваляючыся, што за час майго кароткага пражывання ў гэтых месцах язычнікаў шмат добрага насення было рассеяна па дарозе.

— Гэтыя плямёны больш любяць паляванне, чым які-небудзь іншы род заняткаў, — заўважыў Дункан, які нічога не зразумеў, па-ранейшаму пазіраючы на дзіўныя фігуры.