Старонка:Апошні з магікан.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

духаў. Я стаю на верхавіне гары; але і мне хутка прыдзецца сыйсці ўніз; калі-ж і Ункас пойдзе ўслед за мною, тады знясіліцца кроў сагамораў; мой-жа сын — апошні з магікан!

— Ункас тут, — пачуўся мяккі малады голас. — Хто успамянуў пра Ункаса?

Белы паляўнічы паспешна выняў свой нож з ножнаў і мімаволі пацягнуўся за стрэльбай; Чынгачгук-жа, пачуўшы голас, нават не павярнуў галавы.

У наступны момант паказаўся малады індзеец; бязгучнымі крокамі ён праслізнуў паміж двума сябрамі і сеў на беразе быстрага патока. Ні адным гукам не выявіў індзеец-бацька свайго здзіўлення; на працягу даволі даўгога часу не было чуваць ні пытанняў, ні адказаў. Кожны, здавалася, чакаў зручнага моманту, каб спыніць маўчанне, не выявіўшы дапытлівасці, уласцівай толькі жанчынам, або нецярплівасці, характэрнай для дзяцей. Белы паляўнічы, як відаць пераймаючы звычаі чырвонаскурых, выпусціў з рук стрэльбу і таксама напружана маўчаў.

Нарэшце, Чынгачгук павольна перавёў вочы на твар свайго сына і запытаў:

— Ці не асмеліліся макуасы пакінуць сляды сваіх макасінаў у гэтых лясах?

— Я ішоў па слядах іх ног, — адказаў малады індзеец, — і даведаўся, што лік іх роўны колькасці пальцаў на маіх абодвух руках; але-ж яны баязліўцы і хаваюцца ў засадах.

— Машэннікі заляглі ў гушчары і чакаюць зручнага моманту, каб здабыць скальпы і аграбіць