Старонка:Апошні з магікан.pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падтрымаюць два храбрыя воіны. За кожны валасок яны возьмуць жыццё аднаго з ворагаў.

Дункан з палкасцю паціснуў руку следапыту, яшчэ раз даручыў яму свайго старога сябра і зрабіў знак Давіду ісці наперад. Сакалінае Вока на працягу некалькіх хвілін з яўным зачараваннем глядзеў услед адважнаму маладому чалавеку; потым у раздум’і паківаў галавой, павярнуўся і павёў сваю частку атрада ў лес.

Дарога, выбраная Дунканам і Давідам, ішла праз месца, расчышчанае бабрамі, і ўдоўж краю іх пруда. Калі Хейвард астаўся ў кампаніі з гэтым прастаком, які так мала падыходзіў для таго, каб аказаць падтрымку ў адважнай справе, ён упершыню ясна ўявіў сабе ўсе цяжкасці ўзятай на сябе задачы. У густых прыцемках яшчэ больш страшнай здавалася пустынная, дзікая мясцовасць, якая цягнулася далёка з абодвух бакоў ад яго; было нешта страшнае нават у цішыні гэтых маленькіх хацін.

Абышоўшы пруд, Дункан з Давідам пачалі падымацца на невялікае ўзвышша ў лагчыне, па якой яны ішлі. Праз поўгадзіны яны дайшлі да прасторнай паляны, таксама ўкрытай пабудовамі баброў, але пакінутай жывёламі. Зусім натуральнае пачуццё прымусіла Дункана на хвіліну прыпыніцца, перш чым пакінуць прыкрытую кустамі сцежку; так чалавек спыняецца, каб сабраць сілу, перш чым адважыцца пайсці на рызыкоўную справу.

На процілеглым баку прасекі, паблізу таго месца, дзе ручай спадаў з гор, відаць было пяць-