Старонка:Апошні з магікан.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго, як відаць, разглядаў нізкія будынкі пасёлка і бясшумныя рухі яго жыхароў. Скрозь груба размалёваную маску немагчыма было разгледзець аблічча дзікуна, але Дункану яно ўсё-ж здалося хутчэй сумным, чым лютым. Галава яго была, па звычаю індзейцаў, пастрыжана, за выключэннем жмутка валасоў на макаўцы; у валасах свабодна віселі тры-чатыры сакаліныя пяры. Падраны паркалёвы плашч прыкрываў яго цела: ніжняе адзенне складалася са звычайнай кашулі, рукавы якой замянялі туземцу штаны. Ногі яго былі голыя і страшна зраненыя цярноўнікам. Ступні іх былі прыкрыты макасінамі з добрай аленевай скуры. Агульны выгляд дзікуна быў сумны і варты жалю.

Дункан з дапытлівасцю разглядаў свайго суседа, калі да яго ціха і асцярожна падышоў разведчык.

— Вы бачыце, мы дайшлі да іх пасёлка, — шапнуў малады чалавек. — А вось тут і дзікун, які, магчыма, перашкодзіць нам прабрацца далей.

Разведчык уздрыгануўся і ледзь не выпусціў з рук стрэльбы, калі Дункан паказаў яму пальцам на незнаёмага. Потым ён апусціў дула і выцягнуў сваю доўгую шыю, разглядаючы дзікуна.

— Гэты нягоднік не з гуронаў, — сказаў ён, — і не належыць ні да аднаго з канадскіх плямён; аднак, па яго адзенню відаць, што ён абрабаваў белага. Вам не відаць, куды ён паклаў сваю стрэльбу або лук?

— У яго, як відаць, няма зброі; ды і наогул ён, здаецца, не мае дрэнных намераў. Калі толькі ён