Старонка:Апошні з магікан.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ I

Мабыць, на ўсёй вялікай працягласці граніцы, якая аддзяляла ўладанні французаў ад тэрыторыі англійскіх калоній Паўночнай Амерыкі, не знойдзецца больш красамоўных помнікаў бязлітасных і лютых войнаў 1755 — 1763 гадоў, чым у вобласці, што ляжыць пры вытоках Гудзона і каля суседніх з імі азёр.

Гэтая мясцовасць давала такія магчымасці для перамяшчэння войск, з якімі нельга было не лічыцца. Прадаўгаватая водная заслона Шамплена цягнулася ад Канады і глыбока ўразалася ў калонію Н’ю-Йорк; дзякуючы гэтаму возера Шамплен з’яўлялася самым зручным шляхам зносін, па якому французы маглі праплысці да палавіны адлегласці, што аддзяляла іх ад непрыяцеля.

Паблізу паўднёвага краю возера Шамплен з ім зліваюцца хрустальна-ясныя воды возера Гарыкан — «Святога возера».