Старонка:Апошні з магікан.pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то кіруючыся зорамі, то ідучы ў напрамку якога-небудзь ручая. Нарэшце, разведчык выказаў прапанову спыніцца, і пасля кароткай нарады індзейцы расклалі агонь і пачалі рабіць усе неабходныя падрыхтаванні, каб правесці рэштку ночы на гэтым месцы.

Ужо выпарылася раса, і сонца, разагнаўшы туманы, палівала лес праменнямі яркага, моцнага святла, калі падарожнікі зноў рушылі ў дароту.

Сакалінае Вока ішоў наперадзе ўсіх. Прайшоўшы некалькі міль, ён стаў ісці асцярожней, часта спыняўся, прыглядаючыся да дрэваў, да цячэння ручаёў, да колеру іх вады. Паколькі ён не давяраў сваім назіранням, то часта звяртаўся да Чынгачгука і ўважліва выслухоўваў яго думку. У часе адной з такіх нарад Хейвард заўважыў, што Ункас, які стаяў моўчкі і цярпліва, з цікавасцю прыслухоўваецца да гутаркі старэйшых. Яму вельмі хацелася пагаварыць з маладым правадыром, але па спакойных паводзінах туземца ён заключыў, што той, як і сам ён, цалкам спадзяецца на праніклівасць і разважлівасць старэйшых. Нарэшце, разведчык загаварыў па-англійску і адразу растлумачыў цяжкасць іх становішча.

— Калі я ўбачыў, што дарога да паселішча гуронаў ідзе на поўнач, — сказаў ён, — я адразу зразумеў, што яны пойдуць далінамі і будуць трымацца паміж водамі Гудзона і Гарыкана, пакуль не наткнуцца на вытокі канадскіх рэк, якія прывядуць іх у цэнтр французскіх уладанняў. Але вось мы ўжо блізка ад Скаруна і не бачылі