Старонка:Апошні з магікан.pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быстрынёй іх руху. Мабыць, па гэтай прычыне і ў выніку неабходнасці ўсім быць ля вёслаў гуроны не стралялі. Бегляцам прыходзілася ўжываць шмат намаганняў, і яны пачалі ўжо стамляцца. Праследавальнікі перавышалі іх лікам. Дункан з непакоем заўважыў, што разведчык пачаў трывожна азірацца, нібы шукаючы якіх- небудзь спосабаў дапамагчы бегству.

— Павярні крыху ў бок ад сонца, Сагамор, — сказаў упарты жыхар лясоў, — я бачу, машэннікі вырашылі афяраваць аднаго чалавека. Павярні далей ад сонца, і мы паставім востраў паміж сабой і імі.

Гэты манеўр аказаўся ўдалым. У недалёкай адлегласці знаходзіўся доўгі нізкі востраў.

Лодка бегляцоў прайшла ўдоўж аднаго берагу, праследавальнікам давялося плысці ўдоўж другога. Разведчык і яго таварышы скарысталі гэтую перавагу і пад прыкрыццем кустоў падвоілі свае намаганні, і без таго ўжо здзіўляючыя. Абедзве лодкі абышлі апошні, самы нізкі пункт вострава, нібы два рысакі, якія нясуцца на ўвесь дух; бегляцы былі наперадзе.

— Ты не дарэмна выбраў іменна гэтую лодку, — сказаў разведчых. — Д’яблы зноў кладуць усю сваю сілу ў вёслы, і нам даводзіцца адстойваць свае скальпы пры дапамозе кавалкаў абструганага дрэва замест стрэльбаў, ахутаных дымам, і вернага позірку. Ну, усе разам, сябры!

— Яны рыхтуюцца страляць, — сказаў Хейвард, — а паколькі мы на адной лініі з імі, то стрэл трапіць абавязкова.