Старонка:Апошні з магікан.pdf/280

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Індзеец, замест адказу, апусціў вясло ў ваду і быстрэй пагнаў лодку. Паколькі ён кіраваў яе ходам, то гэты рух ясна выражаў яго рашэнне. Усе моцна наляглі на вёслы і цераз некалькі хвілін даплылі да месца, адкуль перад імі быў відзён увесь паўночны бераг вострава, скрыты да таго часу.

— Вось яны, — прашаптаў разведчык, — дзве лодкі і дым. Нягоднікі яшчэ не разгледзелі нас дзякуючы туману, а то мы пачулі-б ужо баявы кліч. Налягайце мацней, сябры… Мы адыходзілі ад іх і амаль адышлі ад іх куль.

Добра знаёмы трэск стрэльбы, куля якога слізганула па спакойнай паверхні праліва, і праразлівы крык, які прагучэў з вострава, спынілі яго словы і паказалі, што іх лодку заўважылі. Цераз некалькі хвілін яны ўбачылі дзікуноў, кідаўшыхся ў лодкі, якія хутка заскакалі па вадзе ў пагоні за бегляцамі. Наколькі мог бачыць Дункан, нішто не змянілася ні ў абліччы, ні ў руках трох праваднікоў, толькі ўдары іх вёслаў зрабіліся даўжэйшымі і больш роўнымі, і невялічкая лодка неслася наперад, нібы атрымаўшы жыццё і волю.

— Трымай іх на такой адлегласці, Сагамор, — сказаў Сакалінае Вока, спакойна азіраючыся цераз левае плячо і па-ранейшаму працуючы вяслом, — іменна на такой адлегласці. У гэтых гуронаў ва ўсім племі не знойдзецца стрэльбы, з якай можна папасці на такой адлегласці, ну, а на майго «аленебоя», можна цалкам разлічваць.

Пераканаўшыся, што магікане могуць удваіх падтрымаць патрэбную дыстанцыю, разведчык рашуча паклаў вясло і падняў фатальную стрэльбу.