Старонка:Апошні з магікан.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта было-б парушэннем нашага дагавору.

— Калі чалавеку даводзіцца часта мець зносіны з якім-небудзь народам, — казаў далей Сакалінае Вока, — і людзі там сумленныя, а сам ён не машэннік, то паміж імі ўзнікае любоў. Але любоў паміж магіканам і мінгам вельмі падобна да прыязні чалавека да змяі.

— Сумна чуць гэта!

— Ну, што датычыць мяне, то я паважаю справядлівасць; і таму я не скажу, каб я ненавідзеў мінгаў. А ўсё-ж такі толькі ноч перашкодзіла майму «аленебою» пусціць кулю ў вываротлівага онеіду.

Сакалінае Вока змоўк і адвярнуўся ад агню. Хейвард пайшоў на вал. Ён не прызвычаіўся да ваеннага жыцця ў лясах і таму не мог аставацца спакойным, думаючы пра матчымасць такіх каварных нападаў.

Дункан дастаткова добра ведаў звычаі індзейцаў, каб зразумець, чаму агонь быў раскладзены зноў і чаму воіны, не выключаючы Сакалінага Вока, селі на свае месцы каля дымлівага кастра так важна і ўрачыста. Ён таксама сеў на краі вала, каб бачыць сцэну, якая была перад ім, і пільна назіраць за небяспекай, што магла з’явіцца кожны момант.

Пасля кароткага многазначнага перапынку Чынгачгук закурыў люльку з драўляным цыбуком, вытачаную з мяккага каменя. Нацешыўшыся пахам заспакойлівага зелля, ён перадаў люльку ў рукі разведчыка. Люлька абышла такім чынам прысутных тры разы сярод поўнай цішыні. Ніхто