Старонка:Апошні з магікан.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі па нашаму следу ідуць онеіды, то гэтыя д’яблы акружаць нас з усіх бакоў! Для вачэй белых няма розніцы паміж скурай аднаго або другога індзейца, а вось Сагамор кажа, што гэта скура з галавы мінга, і нават называе племя, да якога належаў гэты небарака, так упэўнена, як калі-б скальп быў лістом кнігі, а кожны валасок — літарай. Ну, а што скажаш ты, хлапец? Да якога народу належыць нягоднік?

Ункас глянуў на разведчыка і адказаў сваім мяккім голасам:

— Онеіда!

— Зноў онеіда! Калі нават адзін індзеец што-небудзь сцвярджае, гэтае сцвярджэнне звычайна з’яўляецца справядлівым; але калі яго падтрымліваюць людзі яго племя, тут не можа быць памылкі.

— Небарака палічыў нас за французаў, — сказаў Хейвард, — ён не стаў-бы рабіць замаху на жыццё сяброў.

— Каб ён палічыў магікана ў ваеннай расфарбоўцы за гурона! Гэта ўсёроўна, як калі-б вы палічылі грэнадзёраў Манкальма ў белых мундзірах за чырвоныя курткі англійскіх гвардзейцаў, — запярэчыў разведчык. — Не, не, змяя вельмі добра ведала сваю справу, і вялікай памылкі не было, бо дэлевары і мінгі недалюбліваюць адзін аднаго, на чыім-бы баку ні змагаліся іх плямёны ў часе міжсобіцаў белых. Таму, хоць онеіды служаць англічанам, я не задумаўся-б і сам прыстрэліць нягодніка, калі-б шчаслівы выпадак прывёў яго на мой шлях.