Старонка:Апошні з магікан.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўбранне выяўлялі ў ім воіна-індзейца. Загарэлы твар другога, апранутага таксама ў вельмі простае і грубое адзенне, быў значна святлейшым: ён здаваўся несумненным патомкам еўрапейскіх перасяленцаў. Чырвонаскуры сядзеў на канцы заросшага мохам бервяна і выразнымі, спакойнымі, але красамоўнымі рухамі рук падкрэсліваў свае словы. Яго амаль аголенае цела ўяўляла сабою жахлівую эмблему смерці: яно было распісана чорнай і белай фарбамі, якія надавалі чалавеку выгляд шкілета. На брытай галаве індзейца красавалася толькі адна пасма валасоў. Арлінае пяро, усаджанае ў валасы, апускалася на левае плячо дзікуна; з-за пояса быў відзён тамагаук і скальпіравальны нож англійскага вырабу. Праз аголенае мускулістае калена ён перакінуў кароткую салдацкую стрэльбу, адну з тых, якімі англічане ўзбройвалі сваіх чырвонаскурых саюзнікаў. Усё ў гэтым воіне — яго шырокія грудзі, выдатны склад цела і гордая постаць — даказвала, што ён дасягнуў поўнага росквіту жыцця, але яшчэ не пачаў набліжацца да старасці.

Мяркуючы па фігуры белага, можна было сказаць, што ён з самай ранняй маладосці пазнаёміўся з нястачамі і працай. Ён быў мускулісты, хутчэй хударлявы, чым поўны, і адзеты ў паляўнічую кашулю зялёнага колеру, аблямаваную жоўтымі махрамі; яго галаву прыкрываў летні скураны капялюш. За паясом паляўнічага відзён быў нож, але ў яго не было тамагаука. Па звычаю чырвонаскурых, яго макасіны ўпрыгожвала стракатая аддзелка, а скураныя штаны зашнураваны