Старонка:Апошні з магікан.pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За намі сочаць, і, як відаць, мы асуджаны на пагібель!

— Вунь тыя галавешкі, якія разляцеліся, паказваюць, што замышлялася нешта нядобрае, а гэты індзеец можа пасведчыць, што не адбылося ніякай шкоды для нас, — адказаў разведчык, апускаючы стрэльбу і ідучы да валу ўслед за Чынгачгукам, які толькі што паказаўся ў асветленым ад вогнішча месцы. — Што гэта, Сагамор? Мінгі сапраўды нападаюць на нас ці гэта толькі адзін з тых падлюгаў, што прымазваюцца да ваеннага атрада, знімаюць скальпы з мерцвякоў, і, вярнуўшыся дадому, выхваляюцца перад жанчынамі сваімі храбрымі подвігамі?

Чынгачгук спакойна сеў на сваё ранейшае месца і адказаў толькі пасля таго, як уважліва агледзеў галавешку, у якую трапіла куля, якая ледзь не аказалася для яго фатальнай. Тады ён задаволіўся тым, што падняў палец і сказаў па-англійску:

— Адзін.

— Я так і думаў, — заўважыў, сядаючы, Сакалінае Вока, — а паколькі яму ўдалося кінуцца ў возера раней, чым стрэліў Ункас, то можна з упэўненасцю сказаць, што нягоднік будзе расказваць усякія небыліцы пра вялікую засаду, куды ён трапіў, ідучы па слядах двух магікан і аднаго белага паляўнічага; пра афіцэраў ён не будзе казаць: тут яны не ўлічваюцца. Ну, няхай сабе расказвае… няхай! У кожным народзе знойдуцца сумленныя людзі (хоць іх мала сярод макуасаў), якія спыняць нахабніка, калі ён пачне гаварыць што-небудзь неразумнае. Нягоднік пусціў кулю