Старонка:Апошні з магікан.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нага для зручнасці, і ўся фігура дзікуна нібы апусцілася, як у чалавека, які дае адпачынак нервам і мускулам. Дзікун умела прыняў ранейшую позу, перамяніўшы руку, як быццам для таго, каб даць адпачыць другой, і стаў чакаць падзей са спакоем і мужнасцю, якія даступны толькі індзейскаму воіну.

Але Хейвард заўважыў, што правадыр магікан не драмаў; ноздры яго раздуваліся, галава была крыху павернута ў адзін бок, а жвавы, быстры позірк безупынна пераходзіў з аднаго прадмета на другі.

— Зірніце на Сагамора! — шапнуў Сакалінае Вока, дакранаючыся да рукі Хейварда. — Ён ведае, што самы нязначны яго рух або позірк можа парушыць нашы планы і аддаць нас у рукі гэтых нягоднікаў…

Яго спынілі раптоўная ўспышка і стрэл. Над вогнішчам, ля якога сядзеў магікан, узвіліся вогненныя іскры. Калі Хейвард зірнуў другі раз, то ўбачыў, што Чынгачгук знік.

Між тым разведчык трымаў ужо стрэльбу напагатове і з нецярплівасцю чакаў моманту, калі з’явіцца непрыяцель. Але атака, як відаць, скончылася гэтай адной і бясплоднай спробай. Разы два да слухаючых данёсся шолах кустоў, — у гушчар кінуліся нейкія фігуры; хутка Сакалінае Вока паказаў на ваўкоў, якія шпарка ўцякалі перад кімсьці, хто ўварваўся ў іх уладанні. Пасля некалькіх хвілін нецярплівага, трывожнага чакання пачуўся плеск вады і зараз-жа за ім стрэл з другога ружжа.