Старонка:Апошні з магікан.pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вы думаеце, што Манкальм яшчэ не адазваў усіх сваіх індзейцаў? Паклічам нашых таварышоў, каб узяцца за зброю. Тут нас пяцёра, прызвычаеных да бою.

— Нікому ні слова, калі шануеце жыццё. Зірніце на Сагамора. Калі тут прытаіўся хто-небудзь з ворагаў, яны ніколі не здагадаюцца па яго твару, што мы чуем блізкую небяспеку.

— Але яны могуць выявіць яго, і гэта для яго смерць. Яго фігура вельмі ясна відаць пры святле вогнішча, і ён зробіцца першай і няўхільнай афярай.

— Нельга адмаўляць, што вы кажаце праўду, — сказаў разведчык, выказваючы больш трывогі, чым звычайна, — але што-ж рабіць? Адзін падазроны позірк можа выклікаць атаку раней, чым мы падрыхтуемся да яе. Чынгачгук чуў, як мы паклікалі Ункаса, і ведае, што мы трапілі на нейкі след; я скажу яму, што гэта след мінга; ён ужо будзе ведаць, што зрабіць.

Разведчык усунуў у рот пальцы, і Дункан адхіснуўся, пачуўшы ціхі шыпячы гук, які ён палічыў за шыпенне змяі. Чынгачгук сядзеў у раздум’і, абапершыся галавой на рукі; але як толькі ён пачуў папярэджвальны крык жывёлы, імя якой ён насіў, ён падняў галаву, і цёмныя вочы яго быстра і пранікліва агледзелі ўсё навокал. Выраз здзіўлення або трывогі абмежаваўся гэтым раптоўным і, быць можа, мімавольным рухам. Стрэльба ляжала так блізка, што дастаткова было толькі працягнуць за ёю руку. Тамагаук выпаў на зямлю з-за пояса, расшпіле-