Старонка:Апошні з магікан.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кінуў сваю доўгую нагу цераз спіну неасядланага каня, якога пакінулі індзейцы, і паскакаў услед за палонніцамі.


РАЗДЗЕЛ XVIII

Трэці дзень, пасля таго як быў узяты форт, падыходзіў ужо к канцу. На берагах Гарыкана панавала цішыня і смерць. Заплямленыя крывёю пераможцы пакінулі лагер. На месцы лагера, у якім так нядаўна панавала шумная весялосць пераможнай арміі, відзён быў маўклівы рад пакінутых хацін. Крэпасць уяўляла сабой дымлівыя руіны. Абгарэлыя бэлькі, асколкі ўзарваных артылерыйскіх знарадаў і абломкі разбураных каменных будынкаў у беспарадку ўкрывалі зямлю.

Надвор’е таксама значна змянілася. Сонца, забіраючы з сабой цяпло, схавалася ў тумане, і сотні чалавечых цел, пачарнелых ад страшэннай жнівеньскай спякоты, застывалі пад парывамі вельмі ранняга халоднага, нібы лістападаўскага ветру. Хвалістыя празрыстыя туманы, што несліся раней над узгоркамі ў напрамку на поўнач, вярталіся цяпер у выглядзе хмурай заслоны, якую гнала шалёная бура. Знікла люстраная роўнядзь Гарыкана. Зялёныя сярдзітыя хвалі стукаліся аб берагі, паўночны вецер з рэвам насіўся над возерам.

Адзінотныя, ледзь прыкметныя чахлыя былінкі калыхаліся пад парывамі ветру. Рэзкія абрысы гор вылучаліся сваёй аголенасцю. Вока дарэмна імкнулася пранікнуць у бязмежную пустэчу нябёс, нябачную за шэрай заслонай туману.