Старонка:Апошні з магікан.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сапраўды, псалмаспевы асвяжаюць і дух і цела, — адказаў настаўнік спеваў, пад’ехаўшы бліжэй да Алісы, — і, вядома, нішто на свеце не супакойвае ўсхваляваную душу, больш, чым прыемная сувязь у галіне мастацтва. Аднак, для поўнага ладу патрэбны чатыры галасы. Як відаць, у вас далікатнае, багатае сапрана; я, пры пэўным намаганні, магу браць самыя высокія тэнаровыя ноты; але нам нехапае кантральто і баса. Вядома, афіцэр каралеўскай арміі, які так доўга не хацеў прыняць мяне ў сваю кампанію, мог-бы спяваць басовую партыю… Мяркуючы па тонах, якія гучэлі ў яго гутарцы, у яго бас.

— Не мяркуйце неразважліва па знадворных адзнаках: яны абманлівыя, — усміхаючыся, запярэчыла маладая дзяўчына. — Праўда, маёр Хейвард іншы раз гаворыць на нізкіх нотах, але, паверце, яго звычайны голас значна бліжэй да салодкага тэнара, чым да таго баса, які вы чулі.

— Прыемны голас, як і ўсе іншыя таленты, даецца чалавеку для таго, каб ён ужываў яго на карысць сваім блізкім і не злоўжываў ім.

— Вы займаецеся толькі духоўнымі спевамі?

— Вось іменна. Як псалмы Давіда пераўзыходзяць усе іншыя паэтычныя творы, так і мелодыі, на якія яны перакладзены, стаяць значна вышэй усіх свецкіх спеваў. Дзе-б я не спыняўся, па якіх-бы краінах ні падарожнічаў, ні ў часе сну, ні ў хвіліны пільнасці я не разлучаюся з любімай кнігай, выданай у Бастоне, у 1744 годзе, пад назвай: «Псалмы, гімны і свяшчэнныя спевы ветхага і новага завета, перакладзеныя англійскімі вершамі