Старонка:Апошні з магікан.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтая дзяўчынка як дзве кроплі вады падобная да сваёй маці ў тыя гады, калі міс Грэхем яшчэ не пазнаёмілася са смуткам. Калі смерць адабрала ад мяне першую жонку, я вярнуўся ў Шатландыю. І — падумайце, Дункан! — Аліса Грэхем дваццаць гадоў жыла ў адзіноце, не выходзячы замуж у памяць чалавека, які быў здольны здрадзіць ёй! Больш таго, сэр, — яна забылася на маю нявернасць і, паколькі перашкод больш не было, згадзілася быць маёй жонкай.

— І стала маткай Алісы? — усклікнуў Дункан.

— Так, — сказаў стары. — Усяго год пражыў я з ёю. Гэта было нядоўгае шчасце для той, маладосць якой завяла сярод безнадзейнага смутку.

У тужлівасці старога было нешта велічна-суровае, і Хейвард не асмеліўся прамовіць слоў суцяшэння. Мунро сядзеў, забыўшыся аб прысутнасці Дункана. Ён не закрываў твара, які выяўляў пакуту, і цяжкія, буйныя слёзы каціліся з яго вачэй. Нарэшце, палкоўнік паварушыўся. Нібы апрытоўнеўшы, ён устаў з месца, абышоў пакой, спыніўся супроць Дункана і запытаў яго сурова:

— Памятуецца, маёр Хейвард, вы павінны былі перадаць мне нейкае даручэнне ад маркіза дэ-Манкальма?

У сваю чаргу Дункан на момант замяшаўся, але, аднак, хутка авалодаў сабой, і збіваючыся пачаў перадаваць напалову забытае даручэнне маркіза.

— Вы сказалі дастаткова, маёр Хейвард! — усклікнуў раззлаваны стары. — Таго, што я чуў, даволі, каб напісаць цэлыя томы трактатаў пра французскую ветлівасць! Толькі падумаць: гэты