Старонка:Апошні з магікан.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яе слова і пакінуў радзіму. Я бачыў шмат чужых краёў, праліў шмат крыві ў розных краінах; нарэшце, вайсковы абавязак прывёў мяне на Вест- Індскія астравы. Там я сустрэўся з дзяўчынай, якая праз некаторы час зрабілася маёй жонкай і маткай Коры. Яна была дачкой джэнтльмена, уражэнца гэтых астравоў, і жанчынай, якая на сваё няшчасце, калі можна так сказаць, — з прыкрасцю прамовіў стары, — мела продкаў, якія належалі да абяздоленай расы людзей, бесчалавечна ператвораных у рабоў дзеля добрабыту багацеяў і гультаёў. Але калі я сустрэну калі-небудзь чалавека, які адважыцца кінуць пагардлівы позірк на маю дачку, ён адчуе ўвесь цяжар майго гневу. Між іншым, маёр Хейвард, вы-ж самі нарадзіліся на поўдні, дзе метысаў лічаць ніжэйшай расай.

— На няшчасце, так, сэр, — сказаў Дункан і мімаволі ў замяшанні апусціў вочы.

— І вы кідаеце гэты дакор маёй дачцэ? Вы баіцеся зняважыць кроў Хейвардаў шлюбам з такім «нікчэмным» стварэннем, хоць Кора прыгожая і вельмі дабрадзейная дзяўчына? — раззлавана ўсклікнуў Мунро.

— Ніколі ў мяне не можа быць такога нявартага і дзікага прадузятага погляду, — адказаў Дункан. — Але, палкоўнік Мунро, ціхамірнасць, прыгажосць і чароўнае хараство вашай малодшай дачкі могуць цалкам растлумачыць маё каханне, і ў вас няма прычыны так несправядліва абвінавачваць мяне.

— Вы маеце рацыю, сэр, — адказаў стары, і яго тон зноў зрабіўся ціхамірным, пэўней мяккім. —