Старонка:Апошні з магікан.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

караля могуць зрабіцца няпрошанымі гасцямі ў часе балявання. Але я памыляўся. Дункан, мой хлопчык, я памыляўся і цяпер гатоў выслухаць вас.

— Не гледзячы на прыемнасць, якую вашы словы дастаўляюць мне, дарагі сэр, я павінен перш за ўсё перадаць вам даручэнне Манкальма…

— Няхай чорт возьме француза і ўсе яго палкі, сэр! — выкрыкнуў з запалам ветэран. — Ён яшчэ не завалодаў фортам Генры, ды і не завалодае ім, калі толькі Вэб зробіць так, як ён павінен зрабіць. Не, сэр, у нас, дзякуй богу, яшчэ не такія дрэнныя справы, каб хто-небудзь меў права сказаць, быццам Мунро так заклапочаны, што не можа падумаць аб сваіх сямейных абавязках. Ваша маці была адзінай дачкой майго любімага сябра, Дункан, і я выслухаю вас цяпер, хоць-бы ўсе рыцары святога Людовіка стаялі ля варот нашай крэпасці пад кіраўніцтвам самога святога караля і прасілі ласкі пагутарыць са мной.

Заўважыўшы, што Мунро са злосным задавальненнем выказвае наўмысную пагарду да даручэння французскага генерала, Хейвард вырашыў падпарадкавацца часоваму капрызу старога, які, ён ведаў, не мог зацягнуцца надоўга, і таму пастараўся адказаць як можна спакайней:

— Як вам вядома, сэр, я асмеліўся заявіць дамаганне на гонар зрабіцца вашым сынам.

— Так, так, мой хлопчык, памятаю. Вашы словы былі дастаткова яснымі і зразумелымі. Але дазвольце мне запытаць вас: ці таксама ясна вы гутарылі з маёй дачкой?