Старонка:Апошні з магікан.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якая і без таго бясспрэчная? Гуманнасць-жа і храбрасць у роўнай меры характырызуюць героя.

— На наш погляд, абедзве гэтыя якасці звязаны непарыўна, — з усмешкай адказаў Дункан. — Бачачы ў адвазе вашага прэвасхадзіцельства прычыны, якія выклікаюць храбрасць, мы да гэтага часу яшчэ не мелі выпадку адказваць вам гуманнасцю на гуманнасць.

У сваю чаргу Манкальм злёгку пакланіўся, зрабіўшы гэта з выглядам чалавека, які прызвычаіўся, каб яму ільсцілі, і не звяртаючага на гэта вялікай увагі. Падумаўшы з хвіліну, ён дадаў:

— Можа мае падзорныя трубы ашукалі мяне і вашы ўмацаванні лепш выносяць кананаду маіх гармат, чым я меркаваў? Вы ведаеце нашы сілы?

— Весткі, якія мы атрымліваем, розныя, — нядбайна заўважыў Дункан, — але вышэйшая лічба, дастаўленая нам, не была больш за дваццаць тысяч чалавек.

Француз закусіў губу і ўпіўся позіркам у твар свайго субяседніка, нібы жадаючы ўгадаць яго думкі. Але хутка з характэрнай для яго вытрыманасцю ён загаварыў далей, нібы пацвярджаючы праўдзівасць цыфры, якая ўдвая перавышала колькасць яго войска.

— Невялікі гонар для нашай пільнасці, маёр, што, не гледзячы на ўсе старанні, мы ніяк не можам скрыць сіл нашай арміі, а здавалася-б, што гэта лягчэй за ўсё зрабіць у тутэйшых велізарных лясах. Мне сказалі, што дачкі каменданта прышлі ў форт пасля пачатку асады.