Старонка:Апошні з магікан.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

натоўп чырвонаскурых і нечакана ўбачыўшы сярод іх твар Магуа, які глядзеў на яго спакойна, але пільна, Хейвард спыніўся; мімавольны ціхі вокліч сарваўся з яго вуснаў. Аднак, маёр зараз-жа стрымаў сваё хваляванне і павярнуўся да варожага камандзіра. Манкальм ужо зрабіў крок насустрач яму.

У той перыяд, які мы апісваем, Манкальм дасягнуў найвышэйшага пункту свайго шчаслівага лёсу. Аднак, нават у гэтым зайздросным становішчы ён быў далікатным і столькі-ж славіўся ветлівасцю, колькі і рыцарскай мужнасцю. Дункан адвёў вочы ад фігуры злоснага Магуа і павярнуўся да генерала.

— Маёр, — пачаў па-французску Манкальм. — Я вельмі рад… Чакайце! Дзе-ж перакладчык?

— Мне здаецца, яго дапамога не патрэбна, — скромна па-французску-ж адказаў Хейвард, — я крыху размаўляю на вашай мове.

— Ах, я вельмі рад, — сказаў Манкальм і, па-таварыску ўзяўшы Дункана пад руку, адвёў яго ў глыб свайго шатра, далей ад слухачоў. — Я ненавіджу гэтых машэннікаў; ніколі не ведаеш, як трымаць сябе з імі. Дык вось, — казаў ён далей, — хоць я лічыў-бы за вялікі гонар, калі-б мне ўдалося прыняць вашага начальніка, мне прыемна, што ён знайшоў зручным прыслаць сюды такога выдатнага і, безумоўна, такога прыязнага афіцэра, як вы.

Дункан нізка пакланіўся: камплімент быў яму прыемным, не гледзячы на гераічнае рашэнне не паддавацца на хітрыя выкруты Манкальма. Ман-