Старонка:Апошні з магікан.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Якое самавольнае і неабдуманае рашэнне! — адказаў Хейвард, не ведаючы, ці даць волю абурэнню ці разрагатацца ў твар незнаёмаму. — Але вы кажаце пра навучанні і пра прафесію. Хто вы — ці не настаўнік, які выкладае благародную навуку абвінавачанняў і абароны? Ці вы адзін з тых, што век чэрцяць простыя лініі ды вуглы, гаворачы, быццам яны займаюцца матэматыкай?

Незнаёмы з вялікім здзіўленнем паглядзеў на Хейварда, потым без самадавольства — наадварот, з найвялікшай і ўрачыстай пакорлівасцю — адказаў:

— Спадзяюся, ні пра якія абвінавачанні няма і гутаркі; пра абарону я не думаю, бо, дзякуй богу, не зрабіў ніякага вялікага грэху. Вашага намёку на лініі і вуглы я зусім не зразумеў; справу навучання бліжніх я пакідаю тым, хто выбраны выконваць гэтую святую справу. Я пратэндую толькі на светлае майстэрства псалмаспеваў, на ўменне ўзносіць хвалы і славаслоўі.

— Гэта, як відаць, вучань Апалона, — смеючыся, усклікнула Аліса, — і я прымаю яго пад сваю асобую абарону. Досыць, Хейвард, пакіньце хмурыцца! Уявіце, што мой слух жадае далікатных гукаў, і дазвольце гэтаму дзіваку астацца з намі. Апрача таго, — дадала яна, спехам і коса зірнуўшы на Кору, якая апярэдзіла іх і паціху ехала ўслед за панурым індзейцам, — у выпадку патрэбы ў нас будзе лішні прыяцель і саюзнік.

— Няўжо, Аліса, вы думаеце, што я адважыўся-б весці па гэтай невядомай сцежцы тых, каго