Старонка:Апошні з магікан.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

забітых сапраўды ўсё яшчэ блукалі каля сваёй вадзяной магілы.

— Усё-ж такі гэты салдат быў жывы чалавек? — праказаў яшчэ разведчык. — Ні адзін дух не здолеў-бы так лоўка абыходзіцца са стрэльбай.

— Так, гэта быў жывы чалавек, толькі ці астаўся небарака жывым, невядома, і ў гэтым можна сумнявацца, — адказаў Хейвард, азіраючыся навокал і заўважаючы, што побач няма Чынгачгука. Пачуўся другі стогн, слабейшы першага, потым глуха плесканула вада, і зноў зрабілася зусім ціха. Маленькі атрад стаяў у нерашучасці, не ведаючы, што рабіць; у гэты час з гушчару вышаў індзеец. Правадыр магікан падыходзіў да сваіх спадарожнікаў. Адной рукой ён прывязваў да свайго пояса скальп няшчаснага француза, а другой папраўляў скальпіравальны нож і тамагаук, якія былі заліты крывёю маладога салдата. Ён спакойна заняў сваё ранейшае месца з выглядам чалавека, які выканаў пахвальны абавязак.

Разведчык апусціў прыклад стрэльбы на зямлю, паклаў рукі на яе дула і спыніўся ў глыбокім раздум’і. Нарэшце, сумна паківаўшы галавой, прамармытаў.

— А ўсё-ж такі шкада, што гэта здарылася з вясёлым маладым чалавекам з старых краін, а не з якім-небудзь мінгам.

— Досыць, — сказаў Хейвард; ён баяўся, як-бы сёстры, якія нічога не падазравалі, не зразумелі прычыны прыпынку невялічкага атрада. — Справа зроблена, і хоць было-б лепш, калі-б гэтага не