Старонка:Апошні з магікан.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дункана з такой сударгавай сілай, што афіцэр зразумеў, які страх схапіў гэтага звычайна бясстрашнага чалавека.

— Клянуся небам, гэта жывы чалавек, і ён падыходзіць да нас. Бярыцеся за зброю, сябры, бо невядома, вораг ці прыяцель ідзе нам насустрач.

— Хто ідзе? — па-французску запытаў суровы голас.

— Што гэта значыць? — прашаптаў Сакалінае Вока. — Ён гаворыць не па-англійску і не па-індзейску.

— Хто ідзе? — паўтарыў той-жа голас. Услед за пытаннем пачулася шчоўканне курка, а фігура незнаёмага стала ў пагражаючую позу.

— Францыя! — па-французску-ж крыкнуў Хейвард, выехаўшы з-пад ценю дрэў на бераг вадаёма і спыніўся на адлегласці некалькіх ярдаў ад вартавога.

— Адкуль вы і куды накіроўваецеся ў такі час? — па-французску запытаў грэнадзер з акцэнтам прыраджэнца старой Францыі.

— Вяртаюся з разведкі, іду спаць.

— Вы афіцэр караля?

— Ну, вядома, камрад. Няўжо не відаць адразу? Я капітан стралковага палка (Хейвард паспеў заўважыць, што салдат належаў да аднаго з лінейных палкоў), са мною палонныя дачкі камандзіра англійскай крэпасці. Ага! Ты чуў пра гэта? Я іх захапіў у палон каля форта і вязу да генерала.