Старонка:Апошні з магікан.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нія выраблялі нейкія няпэўныя, увесь час зменлівыя рухі, падобныя на кульгавую рысь. Частая змена рысі на галоп стварала аптычны абман, у выніку чаго здавалася, быццам конь бяжыць шпарчэй, чым гэта было ў сапраўднасці; ва ўсякім выпадку, знаўца коней, Хейвард ніяк не мог вырашыць, якім алюрам рухалася бедная жывёліна, падганяемая шпорай настойлівага праследавальніка.

Пасадка і ўсе рухі конніка былі такія-ж дзіўныя, як фігура і пабежка яго каня. Пры кожным кроку каня незнаёмы прыўзнімаўся на страмёнах і, то занадта выпростваючы, то празмерна згінаючы ногі, раптам вырастаў, а потым скурчваўся, так што ніхто ніяк не мог уявіць сабе яго рост. Калі да гэтага дадаць, што ў выніку дзеяння яго шпоры адзін бок каня, здаецца, бег хутчэй, чым другі, а рухі яго калматага хваста безупынна паказвалі, які бок яго церпіць ад шпоры, мы завершым малюнак клячы і яе конніка.

Маршчынкі, якія спачатку пакрылі прыгожы, адкрыты, мужны лоб Хейварда, паступова разгладзіліся, і ўсмешка заварушыла яго губы. Аліса не стрымала смеху, і нават у цёмных, задумлівых вачах Коры бліснула ўсмешка.

— Вы хочаце бачыць каго-небудзь з нас? — запытаў Дункан, калі дзіўны коннік пад’ехаў да яго і затрымаў каня. — Спадзяюся, вы не прывезлі нам дрэнных вестак?

— Вось іменна, — адказаў незнаёмы, размахваючы сваім трохкутным капелюшом, каб прывесці ў рух душнае паветра лесу, і даючы слухачам вы-