Старонка:Апошні з магікан.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яшчэ далёка, ды апрача таго нам давядзецца ісці па вельмі нязручнай дарозе. Глядзіце, — дадаў паляўнічы, паказваючы на невялікі вадаём, на гладкай паверхні якога нерухома ляжалі адлюстраванні зорак, — гэта «Крывавы Пруд». Я не толькі часта бываў тут, але і біўся з ворагамі, біўся ад усходу і да захаду сонца.

— Значыць, гэта і ёсць магіла храбрацоў, якія былі забіты ў часе бою? Я чуў назву «Крывавы Пруд», але ніколі не бачыў гэтага страшнага вадаёма.

— Так, паваявалі мы тут, — казаў далей Сакалінае Вока, хутчэй гаворачы сам сабе пад уплывам уласных думак, чым адказваючы на заўвагу Дункана. — Нямала французаў знайшло тут магілу. Уласнымі вачыма я бачыў, як гэтыя воды пачырванелі ад крыві.

— Ва ўсякім выпадку, гэта — спакойная магіла для салдата, — заўважыў Дункан. — А вы, значыць, доўга служылі тут на граніцы?

— Я? — горда ўсклікнуў разведчык. — Амаль усе гэтыя схілы паўтаралі гукі маіх стрэлаў, і паміж Гарыканам і ракой не знойдзецца ні адной квадратнай мілі, на якой мой «аленебой» не паваліў-бы ворага або ляснога звера. Цс! Вы нічога не бачыце на тым беразе вадаёма?

— Наўрад ці ў гэтым цёмным лесе знойдзецца яшчэ хто-небудзь такі-ж беспрытульны, як мы.

— Такія стварэнні, як гэтае, мала турбуюцца аб доме або прытулку, і начная раса не пакрые вільгаццю цела, якое ў золак апускаецца ў ваду, — сказаў Сакалінае Вока і ўчапіўся за плячо