Старонка:Апошні з магікан.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XIII

Сакалінае Вока, падобна да Магуа, месца якога ён заняў, вёў свой атрад, кіруючыся ледзь прыкметнымі адзнакамі. Спехам паглядваў ён скоса на мох, які пакрываў дрэвы, часам узнімаў вочы ў той бок неба, дзе дагарала заходзячае сонца, або глядзеў на цячэнне шматлікіх ручаёў, якія пешаходы пераходзілі ўброд; і гэтага было дастаткова, каб знішчыць у ім усякія ваганні і сумленні. Між тым адценні зеляніны лесу пачалі змяняцца; яркія колеры дрэў набылі больш цёмны выгляд, які з’яўляецца адзнакай надыходу вечара.

Сонца запальвала залацістыя плямы на воблаках, упрыгожвала барвяным колерам вузкія краі хмар, якія сабраліся над заходнімі горамі. Сакалінае Вока раптам павярнуўся і, паказваючы рукой на гэтае вельмі прыгожае відовішча, сказаў:

— У гэты час чалавеку трэба падмацавацца і адпачыць. Чалавек рабіў-бы лепш і мудрэй, калі-б разумеў мову прыроды і браў прыклад з птушак і палявых звяроў. Аднак, наша ноч хутка скончыцца, бо, як толькі ўзыйдзе месяц, мы зноў рушым у дарогу. Я памятаю, што іменна тут я змагаўся з макуасамі ў часе першай сутычкі, якая прымусіла мяне праліць чалавечую кроў. Тады, выратоўваючы свае скальпы, мы склалі з бярвенняў і каменняў нешта падобнае да ўмацаванняў. Калі я правільна вёў вас, мы хутка ўбачым блокгауз: ён павінен быць недзе тут, па левай руцэ.