Старонка:Апошні з магікан.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі-б мы пайшлі ў крэпасць, то, вярнуўшыся, пакрылі-б сухім лісцём вашы целы, але нам, безумоўна, не ўдалося-б захаваць вашых скальпаў, — спакойна адказаў паляўнічы. — Не, не, замест таго, каб дарэмна траціць сілу і час на пераход у форт, мы парашылі залегчы пад навіслымі берагамі Гудзона, чакаць і сачыць за ўсімі рухамі макуасаў.

— Значыць, вы бачылі ўсё, што адбылося?

— Не, ведама, не ўсё. Позірк індзейца вельмі праніклівы, і яго цяжка ашукаць, але мы ўсё-ж такі былі недалёка ад вас. Трэба прызнацца, цяжка было стрымліваць вось гэтага маладога магікана і прымушаць яго сядзець у засадзе. Ах, Ункас, твае паводзіны хутчэй нагадвалі нецярплівую і дапытлівую жанчыну, чым мужнага і стойкага воіна!

Ункас зірнуў на суровы твар паляўнічага, але не адказаў яму ні слова. Хейварду, здалося, быццам на твары маладога магікана мільганула пагардлівая ўсмешка. Тым не менш Ункас стрымаў свой гнеў, часткова з-за павагі да астатніх слухачоў, часткова з-за пашаны і прыхільнасці да свайго старэйшага белага таварыша.

— Вы бачылі, як нас захапілі ў палон? — запытваў Хейвард далей.

— Мы чулі гэта, — адказаў разведчык. — Індзейскі кліч выразны і зразумелы для людзей, якія жывуць у лясах. Але, калі вы апынуліся на процілеглым беразе ракі, нам прышлося, як змеям, паўзці пад густым лісцём, і мы хутка зусім згубілі вас з вачэй, да таго самага мо-