Старонка:Апошні з магікан.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выказаць хвалу за наша незвычайнае вызваленне з варварскіх рук няверных язычнікаў. Будзьце ласкавы, выкажыце вашы пачуцці ў выдатнай і ўрачыстай песні пад назвай «Норстамптон».

Пасля такога выступлення ён назваў старонку і верш, з якога пачыналіся выбраныя ім радкі, паднёс да губ свой камертон, робячы ўсё гэта з той урачыстасцю, з якой ён выконваў падобныя падрыхтаванні ў храме. Але на гэты раз ніхто з прысутных не падтрымаў яго; Кора і Аліса ў гэтую хвіліну выказвалі адна адной пяшчотныя пачуцці, а Хейвард не адрываў ад іх вачэй. Не зварочваючы ўвагі на малую колькасць сваёй аудыторыі, якая складалася з аднаго толькі нахмуранага разведчыка, спявак заспяваў і давёў свяшчэнную песню да канца без усякіх перашкод.

Сакалінае Вока слухаў спакойна, папраўляючы крэмень стрэльбы і зараджаючы яе; гімн не выклікаў узрушэння ў душы Сакалінага Вока. Мабыць, яшчэ ніколі Давід не выяўляў сваіх талентаў перад менш чулымі слухачамі.

Паляўнічы паківаў галавой і прашаптаў некалькі незразумелых слоў, сярод якіх былі чуваць толькі «горла» ды «іракезы», потым устаў і адышоў, каб сабраць зброю гуронаў. Чынгачгук, дапамагаючы яму, знайшоў стрэльбу Ункаса і сваю ўласную. Неўзабаве нават Хейвард і Давід атрымалі зброю; куляў і пораху таксама была дастатковая колькасць.