Старонка:Апошні з магікан.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы добра ведаеце яго, Дункан? Вы-ж бы яму, вядома, не давяралі ў адваротным выпадку.

— Так, я ведаю гэтага індзейца, інакш-бы я не выбраў яго правадніком, асабліва ў такі момант. Кажуць, Магуа — родам з Канады, а між тым служыць нашым сябрам магаукам, якія, як вам вядома, належаць да ліку шасці саюзных плямён[1]. Мне казалі, што ён трапіў сюды па нейкай дзіўнай выпадковасці, меўшай дачыненне да вашага бацькі; здаецца, генерал бязлітасна абышоўся з гэтым індзейцам… Між іншым, я забыў, у чым справа. Дастаткова, што цяпер ён наш прыяцель.

— Калі ён быў ворагам майго бацькі, тым горш для нас — заўважыла дзяўчынка, устрывожыўшыся не на жарты. — Маёр Хейвард, калі ласка, загаварыце з ім, я хачу пачуць гук яго голаса. Можа гэта глупства, але я заўсёды мяркую аб чалавеку па яго голасу.

— Калі я загавару з ім, гэта, напэўна, не дасць нічога, — прамовіў Хейвард — Ён адкажа мне якім-небудзь аднаскладаным усклікам. Мне здаецца, Магуа разумее па-англійску, але робіць выгляд, што не ведае нашай мовы; апрача таго, ён наўрад ці захоча весці са мной гутарку цяпер, калі ваенны час патрабуе ад яго ўсіх адзнак вышэйшага вайсковага гонару. Але, глядзіце, наш пра-

  1. Саюз шасці плямён — магаукі, анеіды, сенекі, кайюгі, анандагі і тускароры — сваяцкія плямёны, варожыя ў адносінах да плямён ленапаў (магікан і дэлавараў). Гэтыя шэсць плямён насілі розныя назвы. Іх часта называлі макуасамі, мінгамі або іракезамі.