Старонка:Апошні з магікан.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бацькоў». Ён пералічваў імёны ўсіх воінаў атрада, гаварыў пра геройскія ўчынкі і якасці кожнага з іх, успамінаў пра іх раны, пра колькасць знятых імі скальпаў. І кожны раз, калі хітры індзеец вымаўляў імя аднаго з прысутных, цёмны твар воіна, якому прыемна было слухаць пахвалу, успыхваў ад захаплення, і гэты чалавек, без лішняй скромнасці і ваганняў, сцвярджаў справядлівасць слоў Магуа ўхвальнымі жэстамі і ўсклікамі. Раптам голас гаварыўшага панізіўся; у тоне індзейца не адчувалася ўрачыстасці, якая гучэла ў ім, калі правадыр пералічваў геройскія ўчынкі і перамогі сваіх супляменнікаў. Ён апісваў Гленскі вадапад, недаступны скалісты востраў з яго пячорамі і шматлікія быстрыні і віры Глена. Вось ён вымавіў словы «Доўгі Карабін» і маўчаў да таго часу, пакуль у лесе, які рассцілаўся ўнізе ўзгорка, не замоўк апошні водгаласак працяглага воінскага крыку індзейцаў, — крыку, якім яны сустрэлі гэтае ненавіснае для гуронаў імя. Магуа паказаў на маладога палоннага афіцэра і пачаў апісваць смерць воіна, якога скінуў у прорву Хейвард. Пасля гэтага правадыр спамянуў аб лёсе індзейца, які вісеў паміж небам і зямлёй, нават паказаў усю страшную сцэну яго пагібелі. Ён ухапіўся за галіну аднаго з дрэў, паказаў апошнія хвіліны, сударгавыя рухі і самую смерць няшчаснага. Расказаў ён таксама, як загінуў кожны з іх сяброў, успамінаючы пра мужнасць і прызнаныя дабрадзейнасці забітых. Пасля сканчэння гэтага дакладу, голас індзейца зноў змяніўся, зрабіўся ціхім, тужлівым, жаласным; у ім