Старонка:Апошні з магікан.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З хвіліну індзеец маўчаў, гледзячы ў твар Коры з такім выразам, што яе вочы сарамліва апусціліся. Потым ён адказаў з асаблівай злараднасцю:

— У такім выпадку, зноў адчуўшы ўдары на сваёй спіне, гурон ведаў-бы, дзе знайсці жанчыну, якой ён перадаў-бы свае пакуты. Прыгожая дачка Мунро насіла-б для яго ваду, жала яго збожжа, гатавала страву. Цела сівога правадыра спала-б сярод гармат, але Хітрая Лісіца трымаў-бы яго сэрца ў сваіх руках.

— Страшыдла! Ты цалкам заслугоўваеш сваёй мянушкі! — ускрыкнула Кора, ахопленая абурэннем. — Толькі д’ябал можа прыдумаць такую помсту! Але памыляешся; ты лічыш сябе занадта моцным! Праўда, у тваіх руках сэрца Мунро, але яно не спалохаецца тваёй злосці, якой-бы вялікай яна ні была!

Смелыя словы маладой дзяўчыны выклікалі на твары гурона злавесную ўсмешку, якая выяўляла непахіснасць яго намераў; ён знакам паказаў, што гутарка скончана. Кора пашкадавала ўжо аб сваёй рэзкасці, але Магуа падняўся з месца і пайшоў да сваіх таварышоў. Хейвард падбег да ўсхваляванай маладой дзяўчыны і запытаў яе, чым скончылася гутарка, за якой ён уважліва сачыў. Каб не трывожыць Алісу, Кора ўхілілася ад праўдзівага адказу, толькі па яе твару маёр здагадаўся, што яна не мела поспеху; тое-ж самае выяўлялі трывожныя позіркі, якія яна накіроўвала на індзейцаў. Аліса засыпала яе пытаннямі адносна чакаўшага іх лёсу, але Кора толькі