Старонка:Апошні з магікан.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най дарозе. Старэйшая з сясцёр пры з’яўленні індзейца-скарахода прамаўчала. Ад здзіўлення яна выпусціла складкі вуалі, і яе твар адкрыўся. Жаль, захапленне і жах мільганулі на яе твары. Валасы гэтай маладой дзяўчыны колерам і блескам нагадвалі пер’і крумкача; колер яе твара быў нясмуглы; твар поўнакроўны, хоць у ім не было ніякага адцення грубасці. Яе рысы былі далікатнымі, благароднымі і надзвычай прыгожымі. Яна ўсміхнулася, і між губ яе бліснуў рад роўных зубоў, з белізной якіх нельга было-б параўнаць самую лепшую слановую косць.


РАЗДЗЕЛ ІІ

Малодшая з дзяўчат, супакоіўшыся пасля хвіліннага спалоху, засмяялася з свайго страху і сказала афіцэру, які ехаў побач з ёю:

— Скажыце, Дункан, такія прывіды часта сустракаюцца ў тутэйшых лясах? Калі так, нам з Корай спатрэбіцца ўся наша мужнасць яшчэ раней, чым мы сустрэнемся са страшным Манкальмам.

— Гэты індзеец — скараход пры нашым атрадзе і, па разуменнях свайго племя, — герой, — адказаў малады афіцэр. — Ён прапанаваў свае паслугі праводзіць нас да возера па малавядомай сцежцы, якая значна скарачае дарогу, дзякуючы гэтаму мы з’явімся на месца хутчэй, чым прыехалі-б, ідучы за нашым атрадам.

— Ён мне не падабаецца, — адказала маладая дзяўчынка і ўздрыганулася ад прытворнага страху, хоць у яе душы быў таксама і сапраўдны страх.