Старонка:Апошні з магікан.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

або ты задумаў што-небудзь яшчэ больш злое? Хіба няма такіх падарункаў, якія маглі-б загладзіць зробленую табе крыўду і памякчыць тваё сэрца? Прашу цябе, па крайняй меры, вызваліць хоць маю ціхую сястру; спагані на мне адной усю тваю злосць. Набудзь багацце, вызваліўшы яе, задаволь сваю помсту, накіраваўшы твой гнеў толькі на адну афяру. Калі стары страціць абодвух дачок, ён, напэўна, сыйдзе ў магілу. Хто-ж тады дасць Лісіцы шчодрыя падарункі?

— Слухай, — зноў сказаў гурон. — Светлавокая вернецца на бераг Гарыкана і ўсё раскажа старому правадыру, калі толькі цёмнавалосая дзяўчына паклянецца імем Вялікага духу сваіх прабацькаў не схлусіць.

— А што я павінна абяцаць? — запытала Кора, стрымліваючы лютасць індзейца сваёй жаночай гордасцю і спакоем.

— Калі Магуа пакінуў гуронаў, яго жонку аддалі другому правадыру. Цяпер Магуа зноў здружыўся з імі і вернецца назад да магіл свайго племя, туды, на берагі вялікага возера. Дачка англійскага правадыра павінна ісці з ім і назаўсёды астацца ў яго вігваме.

Стрымліваючы абурэнне, гордая Кора спакойна запытала індзейца:

— Ці прыемна будзе Магуа раздзяляць сваё жыллё з жонкай, якую ён не любіць, з жонкай чужога яму племя бледнатварых? Я думаю, ён зробіць лепш, узяўшы золата Мунро і купіўшы сваімі падарункамі сэрца якой-небудзь гуронскай дзяўчыны.