Старонка:Апошні з магікан.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быццам у душы дзікуна абудзілася думка пра падарункі, абяцаныя яму, але паступова выраз радасці замяніўся на твары індзейца адбіткам лютага, злоснага лікавання, якое мабыць было вынікам не прагавітасці, а іншай страсці.

— Слухай, — сказаў гурон, і твар яго зноў застыў у бестурботным спакоі, — ідзі да цёмнавалосай дачкі сівога і скажы ёй, што Магуа хоча з ёю гаварыць.

Дункан падумаў, што карысталюбны індзеец хоча пачуць новае пацверджанне абяцаных узнагарод, і хоць павольна і неахвотна, але ўсё-ж пайшоў да таго месца, дзе цяпер адпачывалі маладыя дзяўчаты. Падышоўшы да іх, Хейвард сказаў Коры пра жаданне Магуа.

— Вам ужо вядома, чаго хоча Магуа, — сказаў Дункан, праводзячы яе да гурона, — таму не скупіцеся на абяцанні. Аднак, памятайце, што такія людзі, як ён, больш за ўсё паважаюць смеласць. Добра, калі вы паабяцаеце даць яму таксама што-небудзь і ад сябе. Не забывайцеся, Кора, што ад вашай вытрыманасці і ад вашай вынаходлівасці залежыць і ваша жыццё і жыццё Алісы.

— І ваша, Хейвард!

— Маё жыццё — справа не такая важная; мяне не чакае бацька, сёй-той з сяброў патужаць аб маім сумным лёсе. Але досыць, мы падышлі да індзейца. Магуа, вось тая, з якою ты хацеў гаварыць.

Індзеец павольна ўстаў і з хвіліну стаяў моўчкі і нерухома, потым знакам паказаў Хейварду, каб ён адышоў, холадна прамовіўшы: