Старонка:Апошні з магікан.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гамут выяўляў душэўныя перажыванні жаласнымі ўсклікамі. Спадарожнікі накіраваліся на поўдзень па дарозе, зусім процілеглай шляху да форта Уільям-Генры. Не гледзячы на гэта, Хейвард усё-ж не дапускаў думкі, каб Магуа так хутка забыўся аб прапанованай яму ўзнагародзе; апрача таго гурону было неабходна асцярожнасць. Аднак, спадарожнікі вельмі ўжо доўга рухаліся па бязмежным лесе, міля за міляй, і не відаць было канца цяжкаму пераходу.

Кора, памятаючы развітальныя навучанні разведчыка, як толькі траплялася магчымасць выцягвала руку, каб заламаць галінку, але пільнасць гуронаў перашкаджала ёй выканаць гэты цяжкі і небяспечны намер. Сустракаючы насцярожаныя позіркі дзікуноў, маладая дзяўчына прытваралася нечым напалоханай або пачынала папраўляць сваё адзенне. Толькі адзін раз яна заламала галінку; у тую-ж хвіліну ёй прышло ў галаву скінуць на зямлю пальчатку. Гэты знак, які прызначаўся для сяброў, быў заўважаны адным з гуронаў; індзеец падаў Коры пальчатку і зараз-жа пакамячыў і паламаў усе астатнія галінкі куста, каб здавалася, быццам яны былі папсаваны якой-небудзь жывёлай, што заблыталася ў гушчары. Пасля гэтага гурон паклаў руку на свой тамагаук з такім многазначным выглядам, што Коры прышлося адмовіцца ад думкі пакінуць знакі на кустах.

У абодвух атрадах індзейцаў былі коні, а таму палонныя страцілі надзею, што іх знойдуць па конскіх слядах.