Старонка:Апошні з магікан.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ніцца, пакуль сэрца індзейца не стане лягчэйшым за пярцо, а яго дыханне не зробіцца саладзей арамата дзікай медуніцы.

Магуа сур’ёзна слухаў павольную гутарку Хейварда. Калі малады чалавек спамянуў пра тое, што яму здаецца, быццам індзеец хітра ашукаў гуронаў, на твары слухаючага з’явіўся выраз асцярожнай стрыманасці. Калі Хейвард успомніў пра знявагі, дзякуючы якім гурон вымушаны быў пакінуць вігвамы свайго племя, вочы Лісіцы люта заблішчэлі, і Дункан зразумеў, што ён закрануў якраз тое месца, якое і трэба было закрануць. Калі-ж ён дайшоў да слоў, якімі хітра падбіваў і жаданне помсты дзікуна, і яго прагнасць, ён ва ўсякім выпадку ўзбудзіў яго вялікую ўвагу. Лісіца зрабіў сваё апошняе пытанне пра ўзнагароду спакойна, са звычайнай важнасцю індзейца; аднак, мяркуючы па задумліваму выгляду яго твара, было ясна, што яму патрэбна было адказаць асцярожна і хітра. Некалькі хвілін гурон маўчаў, потым, паклаўшы сваю руку на грубую перавязку, якая прыкрывала яго раненае плячо, сказаў:

— Хіба сябры пакідаюць такія знакі?

— Няўжо Доўгі Карабін так лёгка параніў-бы ворага?

— А хіба дэлавары падпаўзаюць, як змеі, да тых, каго яны любяць? Хіба яны звіваюцца каля сваіх сяброў, каб зрабіць удар?

— Няўжо Вялікі Змей дазволіў-бы пачуць сваё набліжэнне да таго, каго жадаў-бы бачыць глухім?